К основному контенту
Літаратура "Беларуская". 7 клас.

Янка Купала.

         Паміж пустак, балот беларускай зямлі,
На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай,
Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі,—
Ўдзірванелы курган векавечны.

Дуб галлё распусціў каранасты над ім,
Сухазелле у грудзі ўпілося;
Вецер стогне над ім уздыханнем глухім,—
Аб мінуўшчыне ў жальбах галосе.

На Купалле там птушка садзіцца, пяе,
У Піліпаўку воўк нема вые;
Сонца днём распускае там косы свае,
Ночкай зоры глядзяць залатыя.

Хмары неба ўсцілалі мо тысячу раз,
Перуны білі з краю да краю,—
Ён стаіць — гэта памяць людская, паказ...
Толькі гутарка ходзіць такая.

ІІ
На гары на крутой, на абвітай ракой,
Лет назад таму сотня ці болей,
Белы хорам стаяў, недаступнай сцяной
Грозна, думна глядзеў на прыволле.

У нагах у яго рассцілаўся абшар
Хвоек гонкіх і пахані чорнай,
Сонных вёсак шары, хат амшалых, як мар,
Хат з сям’ёй душ падданых, пакорных.

Князь у хораме жыў, слаўны свету ўсяму,
Недаступны і грозны, як хорам;
Хто хацеў, не хацеў — біў паклоны яму,
Спуску, ласкі не знаў непакорам.

Зневажаў, катаваў ён з дружынай сваей;
Стражы князевы — ў полі і дома,
Толькі модлы раслі небу ў сэрцах людзей,
І пракляцце расло пакрыёма.

ІІІ
Раз бяседа вялікая ў князя была:
На пасад дачку княжну садзілі;
За сталом він заморскіх крыніца цякла,
Бегла музыка ўкруг на паўмілі.

На вяселле-разгул наплыло, як на сход,
Госці знатных зусюль, за паўсвету,
Гэткай гучнай бяседы не помніў народ,
Гэткіх скарбаў, брыльянтаў, саетаў!..

Дзень, другі ўжо грымела у князя гульня,
І музыкі, і чаркі звінелі;
Выдумлялі забаў новых кожнага дня;
Што хацелі — ўсяго госці мелі.

Ажно трэцяга дня князь прыдумаў адну
Для дружыны пацеху-забаву:
Загадаў ён пазваць гусляра-старыну,
Гусляра з яго ведамай славай.

IV
Акалічны народ гуслі знаў гусляра;
Песня-дума за сэрца хапала;
Вакол гэтай думы дудара-званара
Казак дзіўных злажылась нямала.

Кажуць, толькі як выйдзе і ўдарыць як ён
Па струнах з неадступнаю песняй,—
Сон злятае з павек, болю цішыцца стогн,
Не шумяць ясакары, чарэсні;

Пушча-лес не шуміць, белка, лось не бяжыць,
Салавей-птушка ў той час сціхае;
Паміж вольхаў рака, як штодзень, не бурліць,
Паплаўкі рыба-плотка хавае.

Прытаіцца да моху русалка, лясун,
Каня вечнага «піць» не заводзіць;
Пад звон-песню жывучых гусляравых струн
Для ўсіх папараць-кветка ўзыходзіць.

V
Прывяла гусляра з яго ніўных сяліб
Дворня князева ў хорам багаты;
Пасадзіла на ганку, між клёнаў і ліп,
На цагляным парозе магната.

Невыдумная світка — убор на плячах,
Барада, як снег белы — такая,
Незвычайны агонь у задумных вачах,
На каленях ляглі гуслі-баі.

Водзіць пальцам худым па сталёвых струнах,
К песні-музыцы ладзіцца, строе;
Водклік б’ецца ад струн па сцюдзёных сцянах,
Заміраючы ў сховах пакояў.

Вось настроіў, навёў тон у струнах як след,
Не зірнуўшы на гулі ні разу,
І сядзіць гэты сумны, як лунь, белы дзед
І чакае ад князя прыказу.

VI
— Што ж маўчыш ты, гусляр, ніў, лясоў песнябай,
Славай хат маіх подданых слаўны?!
Нам сягоння зайграй, нам сваіх песень дай,—
Князь умее плаціць незвычайна!

Запяеш па душы, дасі ўцехі гасцям —
Поўны гуслі насыплю дукатаў;
Не пад мысль песня будзе каму-небудзь нам —
Канапляную возьмеш заплату;

Знаеш славу маю, знаеш сілу маю...
— Многа знаю і чуў аб табе я,—
І я сам, як і ты, так табе запяю...
— Ну, пара пачынаць, дабрадзею! —

Гэтак слухае, выслухаў князя гусляр,
Заіскрыліся вочы сівыя,
Патануў у скляпеннях адзін, другі ўдар,
І заплакалі струны жывыя.

VII
«Гэй ты, князь! Гэй, праслаўны на цэлы бел-свет!
Не такую задумаў ты думу,—
Не дае гуслярам сказу золата цвет,
Белых хорамаў п’яныя шумы.

Скурганіў бы душу чырванцом тваім я;
Гуслям, княжа, не пішуць законаў:
Небу справу здае сэрца, думка мая,
Сонцу, зорам, арлам толькі роўна.

Бачыш, княжа, загоны, лясы, сенажаць,—
Ім пакорны я толькі з гуслямі,
Сілен, княжа, караць, галаву сілен зняць,—
Не скуеш толькі дум ланцугамі.

Славен, грозен і ты, і твой хорам-астрог,
Б’е ад сцен-цэгел лёдам зімовым;
Сэрца маеш, як гэты цагляны парог,
І душу — як скляпоў гэтых сховы.

VIII
Глянь ты, слаўны ўладар, на палеткі свае:
Сарачні там сох бачыш, як блудзе;
А ці чуў ты, аб чым там араты пяе,
Дзе і як жывуць гэтыя людзі?

Глянь у лёхі свае, ў падзямеллі глянь, князь,
Што настроіў пад хорамам гэтым:
Брацці корчацца там, табой кінуты ў гразь,
Чэрві точаць жывых іх, раздзетых.

Ты ўсё золатам хочаш прыцьміць, загаціць...
Ці ж прыгледзеўся, хорамны княжа?
Кроў на золаце гэтым людская блішчыць,
Кроў, якой і твая моц не змажа.

Ты брыльянтамі ўсыпаў атласы і шоўк —
Гэта цёртая сталь ад кайданаў,
Гэта вісельні петляў развіты шнурок,
Гэта, княжа, твае саматканы.

IX
Стол ты ўставіў ядой, косцей шмат пад сталом,—
Гэта косці бядноты рабочай;
Пацяшаешся белым, чырвоным віном,—
Гэта слёзы нядолі сірочай.

Хорам выстраіў ты, твайму воку так міл,
Адшліфованы цэгла і камень,—
Гэта — памяткі-пліты з няўчасных магіл,
Гэта — сэрцаў скамененых пламень.

Люба чуці табе скочнай музыкі звон:
Ты, дружына п’яцё асалоду,—
А ці ўслухаўся ты, як плыве з яе стогн,
Стогн пракляцця табе, твайму роду?!

Ты збялеў, ты дрыжыш, слаўны княжа-ўладар!
Госці хмурны, а дворня знямела...
Ну, што, княжа? пара даць за песню мне дар!
Выбачай, калі спеў мо няўмела».

X
Князь стаіць, князь маўчыць, жуда, помста б’е з воч;
Гулі зглухлі: ні жартаў, ні смехаў...
Думаў князь, выдумляў, грымнуў шабляй наўзбоч,
Толькі з лёскатам выбегла рэха.

— Гэй ты, сонцу раўня, не на тое пазваў
На вяселле цябе сваёй княжны!..
Ты — шалёны старык, хто цябе дзе хаваў?
Ты, знаць, вырадак цемры сярмяжнай.

Ты адважыўся мне на сляпы перакор
Вызваняці сусветныя трэлі;
Платы маю шмат я для такіх непакор,
Хто сябе проці мне стаць асмеліў.

Я па-князеўску ўсім і плачу, і люблю!
Ты не хочаш дукатаў — не трэба!..
Ўзяці старца і гуслі жыўцом у зямлю!
Знае хай, хто тут пан: я — ці неба!

XI
Падхапілі, ўзялі гусляра-старыка,
Гуслі разам яго самагуды;
Па-над бераг круты, дзе шумела рака,
Павялі, паняслі на загубу.

Месца выбралі здатнае, вырылі дол,
Дол тры сажні шырокі, глыбокі;
Закапалі, убілі асінавы кол,
Далі насып тры сажні высокі.

Не часалі дамоўкі яму сталяры,
Не заплакалі бліжнія вочы;
Змоўклі гуслі і ён з той пары — да пары;
Сум і сціша залеглі, як ночай.

Толькі князеўскі хорам гудзеў, не маўчаў:
Шалы, музыка ў тахт рагаталі;
Не адну віна бочку князь кончыў, пачаў:
Шлюб-вяселле ўсё княжны гулялі.

XII
Пацяклі, паплылі за гадамі гады...
На гусляравым наспе жвіровым
Палыны узышлі, вырас дуб малады,
Зашумеў непанятлівым словам.

Лет за сотню звёў час, ці і болей мо лет,
Зацвілі пераказы ў народзе;
Кажуць людзі: ў год раз ночкай з гуслямі дзед
З кургана, як снег, белы выходзе.

Гуслі строіць свае, струны звонка звіняць.
Жменяй водзіць па іх абамлелай,
І ўсё нешта пяе, што жывым не паняць,
І на месяц глядзіць, як сам, белы.

Кажуць, каб хто калі зразумеў голас той,
Не зазнаў бы ніколі ўжо гора...
Можна тут веру даць, толькі слухаць душой...
Курганы шмат чаго нам гавораць.

1910

 Тэкст паводле "Беларуская палічка"




Максім Багдановіч

Маёвая песня
De la musique avant toute chose.
P. Verlaine*

Па-над белым пухам вішняў,
Быццам сіні аганёк,
Б’ецца, ўецца шпаркі, лёгкі
Сінякрылы матылёк.

Навакол усё паветра
Ў струнах сонца залатых, -
Ён дрыжачымі крыламі
Звоніць ледзьве чутна ў іх.

І ліецца хваляй песня, -
Ціхі, ясны гімн вясне.
Ці не сэрца напявае,
Навявае яго мне?

Ці не вецер гэта звонкі
Ў тонкіх зёлках шапаціць?
Або мо сухі, высокі
Ля ракі чарот шуміць?

Не паняць таго ніколі,
Не разведаць, не спазнаць:
Не даюць мне думаць зыкі,
Што ляцяць, дрыжаць, звіняць.

Песня рвецца і ліецца
На раздольны, вольны свет.
Але хто яе пачуе?
Можа, толькі сам паэт."
·        Музыкі перш за ўсё.
П.Верлен (франц.)

Тэкст паводле выдання:
“Максім Багдановіч. Поўны збор твораў. Том 1. Вершы, паэмы , пераклады, наследаванні, чарнавыя накіды. Мінск. “Навука і тэхніка” 1992”






Васіль Зуёнак

З вайны сустрэлі мацяркі сыноў
І выглядалі-радзілі нявестак,
А сын яе дадому не прыйшоў.
Прыйшло кароткае:
              “Прапаў без вестак…”

Сябры пасумавалі, землякі,
Слязу змахнула ўпотайкі дзяўчына:
Не вернецца… Знаць, лёс яе такі…
Ды толькі сын для маці не загінуў.

Знаходзіць маці тысячы прычын,
Чаму так доўга сын яе ў дарозе,
Чаму не йдзе разгладзіць ёй маршчын
І высушыць на родным твары слёзы.

Яна між рэчаў самых дарагіх
Кашулі сына беражна хавае,
Святочным днём падоўгу каля іх
Стаіць,
          гамоніць з імі,
                                 плача і ўздыхае…

І ёй успамінаецца тады,
Як сын казаў: “Вярнуся, не загіну,
Чакай мяне…Чакай!..”
Ідуць гады,
 І кожны дзень чакае маці сына.

Тэкст паводле: “Беларуская палічка”




Мікола Арочка.

“ХЛЕБ РОДНАЙ МОВЫ”

"Шчодрым дамашнім богам
Ляжыць на стале маім бохан —
Па зярнятку з вякоў назапашаны,
У дзяжы ліхалеццяў заквашаны,
Замяшаны на мудрасці, поце
I апалены духам на подзе
Жыцця!
Як ніколі я сёння жадзён яму,
Гэтаму хлебу надзённаму!
Лусту кладу на настольніцы,
Крою дзецям: ешце па поўніцы!
Калі выпадзе з рук — абдзьмухніце,
Не кідайцеся ім, не тапчыце!
Наядайцеся змалку уволю,
Каб ён вечна вам пах
Родным полем,
Баравінай, зялёнай лагчынай
I рукамі матулі,
Айчынай!"

Тэкст паводле: "Беларуская палічка".





Маці
Я ўзыходжу на двор,
Я кажу ёй: «Са святам!» —
I цалую знаёмыя родныя вусны,
I бяру пад руку,
I іду з ёй у хату,
Дзе ад прыпечка б'е
Дух гарачы капусны.

Я гляджу ў яе вочы,
Што свецяцца шчасцем,
Гладжу рукі сухія,
Прапахлыя зеллем,
I хілюся да сэрца...
А трэба б упасці
Перад ёю — нядужнай, сівой —
На калені...

Вочы маці!
У доўгія зімнія ночы
Вы над намі
Вясёлымі зоркамі ззялі,
Вы ў нясцерпнай дрымоце
Зліпаліся, ночы.
I ўсё ж усміхаліся нам,
Забаўлялі...

Рукі маці!
Вы ў працы не зналі прынукі,
Вы насілі штогод
Мазалі, як бабіны,
Вы аж нылі увечары,
Мілыя рукі,
Спавіваючы нас
Перад сном галубіным.

Сэрца маці!
Наш боль быў тваім,
He іначай,
Сорам наш
Ты насіла вялізарным горам,
Кропля ж кожная
Радасці светлай дзіцячай
Напаўняла цябе,
Разлівалася морам...

А цяпер ёй —
Адно б на сынка наглядзецца...
Жаль, і горыч, і боль
Мне душу працінае:
Як жа позна,
Як позна — любімыя дзеці —
Мы няўдзячнасць сваю
Разумець пачынаем...

Тэкст - "Беларуская палічка"






«Дрэвы паміраюць...»
Дрэвы паміраюць,
Калі перастаюць пазнаваць
Зьмены года
I не адгукаюцца рэхам;

Вада – калі забывае,
Куды ёй плыць,
I нікому не спатольвае смагі;

Зямля – калі перастае
Радзіць хлеб
I быць калыскай песьняў;

Чалавек – калі страчвае здольнасьць
Зьдзіўляцца і захапляцца
Жыцьцём.


 Тэкст - "Беларуская палічка"



Якуб Колас:


Новая зямля. Дзядзька-кухар:


“… Эх, - цмокаў дзядзька, - наямося!
Зірнулі хлопцы на Антося,
І сліну ўсе яны глынулі,
Паветра носам зацягнулі.
- Ну, што ж вы рукі паскладалі?
Ў агонь бы трэскі падкідалі,
А то патухне зараз! Жыва!
Глядзелі хлопцы, як на дзіва,
Як дзядзька, цеста замяшаўшы,
Качаў галушкі, міску ўзяўшы.
А чыгунок, бы пан пузаты,
Кіпіць, пыхціць, шуміць заўзята,
Бо не з вадою ён, а з сокам,
Ідзе тут справа ненарокам;
Дзяржыся, браце! І чуць толькі
Ўзнялося булбатачак колькі,
Дык дзядзька зараз стаў пакрышку
Ў чыгунчык клёцкі кідаць з лыжкі;
Укіне лыжку, памяшае
Ды зноў другую набірае.
А хлопцы нават паўставалі,
Ў чыгунчык вочы паўстаўлялі,
Глядзяць, не моргнуць яны вокам:
Эх, мусіць, смачны клёцкі з сокам! 
- Ну, дзядзька, можа, і гатовы?  -
Не сцерпеў Костусь, мовіў слова.
-          Які ты, хлопча, нецярпячка,
Няхай цябе затопча качка! –
Гаворыць дзядзька на хлапчынку. –
Няхай паварацца часінку,
Каб сокам добра праняліся,
Тады, брат, - эх! Адно дзяржыся! –
І дзядзька цмокнуў выразліва,
І хлопцы зноў ждуць церпяліва,
А дзядзька, стоячы, паволі
Памешваў клёцкі. – Ну, даволі! –
Сказаў Антось, і ўсе ўздыхнулі,
Як бы гару з плячэй сапхнулі,
І бліжэй к дзядзьку падступілісь.
-          Глядзі, мо ўжо пераварылісь, -
Алесь зазначыў палахліва.
-          Ну, Костусь кажа, - ото дзіва!
Не бойся: дзядзька лепей знае…
Глядзі, брат, клёцка унь якая!
А брат ты мой, як булавешка,
Як скула тая, што ў Дзямешкі! –
І – ха-ха-ха! – зарагаталі.
-          А каб вы, падлы, не даждалі! –
Гаворыць дзядзька, сам смяецца,
Аж лыжка з клёцкамі трасецца.
-          Ну, языкі параспускалі!
Не дам вам клёцак і панюхаць! –
І стаў на клёцку дзядзька дзьмухаць,
Пакаштаваць каб было можна,
І ў рот падносіць асцярожна.
Замерлі хлопцы, а ні зыку:
Мінута важна і вяліка;
Глядзяць на дзядзьку і чакаюць
І дзядзьку поглядам пытаюць:
“Ну як? ці смачны? ці салодкі?”
У зубы клёцку, бы ў ляшчоткі,
Заціснуў дзядзька і губамі
Варушыць борзда, як часамі
Трусок ці зайчык над капустай,
Каб лепш дазнацца смаку-густу.
Пацмакаў дзядзька і ўсміхнуўся,
Зірнуў на хлопцаў, адвярнуўся
І тут, нічога не сказаўшы,
Як плюне дзядзька, пажаваўшы!
Трах у чыгунчык ён нагою!
І так абцёрся ён рукою,
Што губы й нос чырвоны сталі
І нават вусы затрашчалі.
А хлопцы проста збілісь з тропу
І ў нейкім страсе і ў захопу
На дзядзьку-кухара глядзелі,
Як бы яны аслупянелі.
Быў смешны дзядзька той часінай
З пустою лыжкаю, з тычынай,
Якою трэскі ён варочаў.
А тут Алесь як зарагоча!
За ім адзін, другі паехаў.
Такіх было тут жартаў, смехаў,
Што ўсіх трасло і калаціла
І дзядзьку смехам захваціла.
-          Ну, дзядзька, як на смак, прызнайся?
-          Паскудства, брат, і не пытайся! “





 Якуб Колас. "Новая зямля"

Дзядзька-кухар ("Дзядзька-майстар"):

"О, дзядзька спосабаў меў многа
Даняць працiўнiка малога!
Пайсцi ў грыбы цi ў тую ж рыбу,
Або паехаць у сялiбу
Цi ў млын малоць на хлеб збажынку —
Ўсё гэта квапiла хлапчынку,
Цягнула крэпенька, бывала,
I, як рукою, злосць знiмала.
I дзядзька майстар быў на штукi
I быў механiк на ўсе рукi:
I дудку скруцiць вам, i стрэлку,
I нарысуе нават елку,—
Такую выштукуе цацку,
А ў Свержань пойдзе — купiць пляцку...
Дык i не дзiва, што любiлi,
Што на руках яго насiлi.
А жывучы каля зямлянкi,
Памiж лясоў, сярод палянкi,
Яшчэ крапчэй яны здружылiсь,
Адзiн к другiм цясней хiлiлiсь.
— Ану, давай, брат, запрабуем
Хоць на цiкавасць пакаштуем,
Якi тут сок на новым месце?
Мо з хлебам можна яго есцi?
— А дзядзечка! мой залаценькi!
Пастаў нам соку, дарагенькi!
— Вазьмi, вазьмi мяне з сабою! —
Тут каля дзядзькi чарадою,
Як чэрвi, дзецi мiтусяцца.
А дзядзька моўчкi стаў збiрацца:
Дастаў сякерку i свярдзёлак,
Пад паху сунуў ён аполак
На латакi i на падстаўкi
Ды вынуў два гаршкi з-пад лаўкi.
— Ну, хто са мною йдзе? — пытае.
— Я!
— Я!
— I я! — крычыць малая
Ў канцы дзяўчынка Мiхалiна.
— Куды табе? ото скачыха!
На печ залезь i сядзi цiха! —
Напалi хлопцы на дзяўчынку;
А тая ў слёзы, ў плач, як бачыш.
— Ну, сцiхнi, ша! Чаго ты плачаш? —
Антось пляменнiцу ўцяшае
I нос крысом ёй абцiрае.
— Няхай iдзе! А хлопцам брыдка
Так нападаць на дзеўку швыдка,—
Гаворыць дзядзька, бровы хмурыць,
I бальшуноў ён злёгку журыць.
Тады i хлопцы тон мяняюць;
Iдуць у лес, крычаць, гукаюць,
Як вучнi, вырваўшыся з школы,
I ўсе давольны i вясёлы —
А дзядзька ўперадзе тралюе
I галаву ўгару ўскiдае,
Бярозу добрую шукае
З салодкiм сокам, баравую,
Дзе б бобам кропелькi сачылiсь.
Знайшлi бярэзiну, спынiлiсь.
Залысiў дзядзька дрэва злёгку
(Сякерка востра, кара крохка),
Зрабiў заруб, латак прыправiў,
А пад латак гаршчок паставiў.
I соку кропелькi, як слёзы,
Як град, пасыпалiсь з бярозы,
Аж шкода нейк было дзярвякi:
Здавалiсь ранай тыя знакi,
Адкуль палiўся сок халодны
I пакiдаў свой комель родны."

Тэкст - "Якуб Колас. Новая зямля. Паэма. Казкі жыцця. Апавяданні. Мінск. "Мастацкая літаратура" 2001. 





Алесь Разанаў

«У парку...»

"У парку,
ля раўчука,
ляжалі тры валуны.
Пафарбавалі іх сёлета
ў сіні колер —
і тысячагоддзі памерлі."

Тэкст паводле: "Беларуская палічка"







Комментарии

Популярные сообщения из этого блога

Іван Пташнікаў. "Алені". Кароткі змест. Аўдыякніга з тэкстам.

Мікола Чарняўскі: "Клятва Марата Казея". Аўдыёкніга з тэкстам.

Якуб Колас: "Крыніца". Тэма і асноўная думка твора.