Літаратура "Беларуская". 8 клас
Якуб Колас
Аркадзь Куляшоў
Маці
Народная балада
На бітву крывавую сына праводзіўшы з хаты,
На шчасце і ўдачу пасеяла маці зярняты.
Калі дачакаецца маці з тых зерняў усходу,
Сын прыйдзе з паходу,
Са славаю прыйдзе з паходу.
Дарэмна ўздыхала,
Чакала
І шчасця, і долі, -
Упалі зярняты
На камень шчарбаты
У полі.
Дарэмна здалёку
Паўнюткія вёдры цягала,
Той камень у спёку
Вадой і слязьмі палівала.
Да кроплі іх выпіў задымлены
Камень пякельны:
Два леты кіпелі на ім яны,
Як на патэльні.
Ля каменя ўпала
Цярплівая маці ў знямозе,
У роспачы скардзіцца стала
Знаёмай дарозе:
«Пачуй мае словы,
Улашчы свой камень суровы,
За гэта вярбою
Гатова я стаць над табою.
Твайго пешахода
Я ў засень ад спёкі б хавала,
У час непагоды
Ад бур і дажджоў засланяла;
Старымі рукамі
Твой дол падмятала б штодня я.
Улашчы свой камень,
Дарога мая палявая».
Сказала дарога ёй:
«Скардзішся, маці,
Дарма ты,
Не ўзыдуць зярняты,
Бо ўпалі на камень шчарбаты.
Не першая ты
Каля камня заходзішся з жалю,
Не раз на ім сеялі, але ні разу не жалі.
На нашыя нівы
Яго закацілі чужынцы;
Чужы і маўклівы,
Даўно ён ляжыць пры гасцінцы.
З-за Буга яго
Закацілі і кінулі ў полі,
Каб сына свайго
Не даждалася маці ніколі.
Не ўзыдуць зярняты
Ні ўвосень на ім, ні вясною,
Пакуль ён не стане зямлёю,
Закляты табою».
З дарогі ўставала
І каменю маці казала:
«Вады табе мала
І матчыных слёз табе мала,
Цяпер я крывёю
Сваёю
Цябе праклінаю:
Ты станеш зямлёю,
А каменем стану сама я».
І тройчы такою
Кляцьбою
Той камень пракляла.
Стаў камень зямлёю,
Сама ж яна каменем стала.
На камні былым пры дарозе
Ўзыходзяць зярняты.
Вяртаецца сын па дарозе
З паходу дахаты.
1943"
Тэкст - "Беларуская палічка"
Ігар Лучанок - Рыгор Барадулін: "Трэба дома бываць часцей"
Пятрусь Броўка:
Пахне чабор...
Хіба на вечар той можна забыцца?
...Сонца за борам жар-птушкай садзіцца,
Штосьці спявае пяшчотнае бор,
Пахне чабор,
Пахне чабор...
Лёгкія крокі на вузкай сцяжынцы.
Дзеўчына ў белай іскрыстай хусцінцы,
Быццам абсыпана промнямі зор.
Пахне чабор,
Пахне чабор...
Выйсці б насустрач, стаць і прызнацца.
Вось яно - блізкае, яснае шчасце,
Клікнуць хацелася - голас замёр.
Пахне чабор,
Пахне чабор...
Год адзінаццаць, а можа, дванаццаць
Сэрца баліць, што не здолеў спаткацца.
Сэрца нязменна хвалюе дакор.
Пахне чабор,
Пахне чабор...
Час той схаваўся за дальняй гарою,
Здасца хвілінай - яна прада мною...
Выйду. Гукаю. Маўклівы прастор.
Пахне чабор,
Пахне чабор...
1957
Аркадзь Куляшоў:
"Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая.
Чаму так горка, не магу я зразумець.
Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае
На ўсходзе дня майго, якому ружавець.
Ці помніш першае нясмелае прызнанне?..
Над намі жаўранкам звінеў і плакаў май.
Назаўтра золкае, туманнае світанне,
Суровы позірк твой і мой нямы адчай.
Пайшла ты, любая, пад гоман жоўтых сосен,
Пайшла, маўклівая, пад хваль жытнёвых шум,
Туды, дзе гойдала зялёнае калоссе
На сцежках ростані мой адзінокі сум.
Пайшла за ціхія, далёкія прасторы
Світальнай зоркай ты, што гасне ў сіняве.
Душы пакрыўджанай гарачыя дакоры
Слязой халоднаю застылі на траве.
Пайшла, пакінуўшы мне золкі і туманны,
Палынны жаль смугой ахутаных дарог,
Каб я хвілінны боль і горыч гэтай раны
Гадамі ў сэрцы заглушыць сваім не мог.
Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.
Бывай, смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесся
Самотным жаўранкам звініць і плача май.
Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая.
Твой светлы вобраз панясу я па жыцці.
На ўсходзе дня майго заранка дагарае,
Каб позна вечарам на захадзе ўзысці.
1928"
Ад прадзедаў спакон вякоў
Аб ёй мне баюць казкі-сны
Аб ёй мне будзіць успамін
І тое нуднае ягнят
І ў белы дзень, і ў чорну ноч
Нашу яго ў жывой душы,
Жыве зь ім дум маіх сям'я
19/09-18г.
Літаратурна-мастацкае выданне ЯНКА КУПАЛА СПАДЧЫНА Вершы Рэпрынтнае выданне Падрыхтавана па экземпляры, які захоўваўся ў Барыса Сачанкі. Мінск. "Мастацкая літаратура" 1992г.
Максім Багдановіч. Санет
"Замёрзла ноччу шпаркая крыніца;
Твая пара, зімовая нуда!
Цяпер няма ўжо руху ні сляда,
І нават зверху слоем снег лажыцца.
Ды ўсё дармо, бо там, пад ім, струіцца
Магутная, жывучая вада.
Чакай! Яе йшчэ прыйдзе чарада!
Здалее хваляў хор на вольны свет прабіцца.
Прыклаў я гэты сімвал да сябе,
Схіліўшыся ў надсільнай барацьбе,
І разгадаў прыроды роднай словы.
Як - прамаўчу, бо кожны з вас - паэт.
Рассейце ж самі лёгкі змрок прамовы,
Сваёй душы туды праліце свет!
1912"
Максім Багдановіч:
Слуцкія ткачыхі.
Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня
Анатоль Вярцінскі:
"Жыццё даецца, каб жыццё тварыць!"
Магіла льва
І
Нам продкаў кемкасць захавала
Шмат весцяў дзіўных з быўшых год,
Хоць гэтых весці ўжо нямала
Ў няпамяць кінуў сам народ.
Усё ж яшчэ штось засталося
Унукам з прадзедаў жыцця...
Няхай жа гэтыя калоссі
Мінуць скаранне небыцця!
Няхай той час, што згінуць мусіў
У беспрасветнай векаў мгле,
Для беспрыпыннай Беларусі
Хоць толькі ў песні ажыве.
Збіраць пачнем зярно к зярняці,
Былое ў думках ускрашаць,
Каб быт на новы лад пачаці
I сеўбу новую пачаць.
Пачнём дакапывацца самі
Разгадкі нашых крыўд і бед,
Што леглі цёмнымі лясамі
На нашай долі з даўных лет.
Пачнём някратаны паданні
Сачыць пад бацькаўскай страхой,
Шукаць ад рання і да рання,
А толькі хай шукае свой.
ІІ
Над быстрым Днепрам, дзе сягоння
Стаяць Магілева муры,
Драмала пушча ў сотні гоняў,
Змагала громы і віхры.
На дрэва дрэва нагінала,
Адно к другому прыгняла,
Сукі з сукамі пасплятала
І з ветрам гутарку вяла.
Ваўкоў, дзікоў, ласёў, мядзведзяў
Была там днёўка і начлег
У летні час, і ў галаледдзе,
І ў зімавы глыбокі снег.
Людзей не знаў лес гэты хмурны,
Зайздросна сцежкі свае крыў,
Адно сваім дном Днепра бурны
З вясны да восені ўдаль плыў.
А з пушчы вырваўшысь на поле,
Шумеў і грозны слаў праклён,
Што не даваў яму лес волі —
Давіў галлём з усіх старон.
У гэтай пушчы з перадвекаў —
Што так драмала ўдоўж і ўшыр,—
Сялібу меў сабе Машэка,
Разбойнік страшны на ўвесь мір.
ІІІ
Даўней не зналі так марнеці,
Як мы марнеем з году ў год,
Асілкаў шмат было на свеце,
Быў шмат дужэйшы наш народ.
Асілкам гэтакім ад роду
Машэка быў ў сваёй радні,—
Дзіцём нясці ўжо мог калоду,
Якой трох сталых — не маглі.
Але хоць сілу меў такую,—
Нікому крыўды не рабіў,—
Натуру меў ён залатую,
Як бы ягнём, патульны быў.
Чаму ён так змяніўся з часам,
Што да разбойства давяло,
І да крыві людской стаў ласым,
Сваё пакінуўшы сяло?
Ці дома хлеба меў замала,
Ці крыўду вызнаў ад каго,
Ці мо прастору не ставала,
І ў пушчы стаў шукаць яго?
Ўсё гэта не было прычынай,
Але, як вестка падае,
Была прычынаю дзяўчына,
Машэка згінуў праз яе.
IV
У вёсцы той, дзе жыў ён змалку,
Дзе пасціў, дзе араў, касіў,
На воку дзеўку меў, Натальку,
Аб ёй адной ён толькі сніў.
Былі з сабою адналеткі,
На прызбе рыліся ў зямлі,
На сенажаці рвалі кветкі,
Ўдагонкі разам часта йшлі.
Як толькі ён яе дагоніць,
Як пёрка носіць на руках,
Смяецца, весела гамоніць,
Хоць там дзяўчыну мучыць страх.
Калі ўжо сталі падрастаці,
К рабоце трэ было ісці,
Дык ці то ў полі, ці то ў хаце
Умелі той таго найсці.
Аб чым з сабой тады ўдваёчку
Снавалі думкі, сеўшы ў рад,—
Пытаць аб гэтым трэба ночку
І за акном вішнёвы сад.
Жылі... Дзянькі за днямі гналі
Так ад вясны і да вясны.
Пасля і самі не спазналі,
Як палюбіліся яны.
V
Каханне — лёгкая прынада
Для сэрцаў чуткіх, маладых,
Хоць бы гняздзілася ў ім здрада,
Хоць гэта б яду быў кяліх.
Усе мы п’ём яго з дурноты,
Жывём ні явай і ні сном.
А прападзе к яму ахвота —
Тады — па часе ўжо — плюём.
На гэту вудачку кахання
Папаў Машэка, як не свой;
Ані спакою, ні прыстання
Не меў ён з гэтаю бядой.
Сябе сам кінуў у няволю
Дзявочых ласк і пустаты;
Пацех меў шмат, цярпення болей,
То весел быў, то — як струты.
Дзяўчына... ведама, дзяўчына —
Хто там згадаў, што ў ёй сядзіць;
Любіла ж, пэўна, хоць часінай,—
У лес па гэта не хадзіць.
Машэка гэтакі асілак,
Што рваў дзярэўе з каранём,
Ў руках яе стаў як апілак:
Яго забрала хараством.
VI
О, шмат прыгожанькіх дзяўчатаў
Старонцы нашай Бог прыдбаў!
Царэвіч ехаць мог бы ў сваты
К ёй не адной, каб толькі знаў.
Душы і сэрцайка такога
І той бязмернай дабраты
Шукаці хіба толькі ў Бога,—
Ў другіх людзей не знойдзеш ты.
На беларускую дзяўчыну,
Калі тут праўду ёй аддаць,
Ніхто йшчэ каменем не кінуў
І не паважыцца кідаць.
Наталька ў вёсцы між сваімі
Найпрыгажэйшаю была,
Грудзямі, шчочкамі, вачыма,
Як мак, між макамі цвіла.
Павеўна, як даспелы колас,
Ішла наперад у танок,
З грудзей гарачых звонкі голас
Змяняла ў песню — як званок.
Прыхільна хлопцы аглядалі
Яе павабны гібкі стан,
Дый толькі сціха уздыхалі...
Адзін Машэка быў тут пан.
VII
Той панства меў недаўгавечна,
Канаў пацехі час святы:
Па Днепру выпала канечна
На Украіну гнаць плыты;
Машэку йкраз чарга папала.
Спачатку слухаць не хацеў;
Быць можа, на яго бы стала,
Бо не на жарты сілу меў,
Але Наталька ўгаварыла:
«Едзь! штось заробіш к жаніцьбе».
Ну, як тут не паслухаць мілай!
І наш Машэка у жальбе
Па ненаглядненькай дзяўчыне,
Паплыў з плытамі ў край чужы
Таей Дняпровай гладдзю сіняй
Ад роднай прадзедаў мяжы.
Зямля сябе у зелень скрыла,
Лес цёмны з ветрам гаманіў,
Зязюля век людзям лічыла,
А сонца цешылася з ніў.
Машэка плыў, марнеў з нягоды,
Аддыху рэдка меў калі,
І думаў, каб хаця ўжо воды
Яго Дняпровы не змаглі.
VIII
Ў дарозе шчасце паручыла,
Загнаў да Кіева плыты,
Дамоў вяртаўся з новай сілай
Пабачыць родныя куты,
Натальку любую сустрэці,
Аджыць агнём яе вачэй,
Бо гэткіх вочак на ўсім свеце
Ён не сустрэў ані ў аднэй.
Спяшыць няўпынна, крок за крокам,
Мінае поле і лясы.
Зямлі сваёй жаданым вокам
Шукае, як канюх расы.
Штось каля Ўзвіжання дабраўся
Дамоў з далёкай чужыны...
О, лепш бы першай не даждаўся,
Як нарадзіўся ён, вясны!
Бядак дачуўся ад суседаў,
Што ўжо Наталькі маладой
Не засталось даўно і следу,—
Як бы Дняпровай сплыў вадой.
Сплыла і ўся яго надзея
Дажыць у радасці жыццё.
Каханне ў сэрцы гэтак сеяў,
А жаць прыйшлося пракляццё.
ІХ
Непадалёк, дзе жыў Машэка,
Быў двор вялікі, а ў двары
Стаялі хорамы ад векаў
Над самым Днепрам, на гары.
Абведзен быў высокім мурам
Палац, як той астрог, кругом,
Сталетні ліпы ўкруг панура
Стагналі ночаю і днём.
Баярын тамка жыў багаты,
Яшчэ лятамі малады,
Да сваявольства быў заўзяты,
Па-свойму час губляў з нуды.
Усюды броіў самазбродам,
Тварыў закон свой і свой суд
Над абнядоленым народам,
Што збыць не меў сіл сваіх пут.
Паціху толькі ў вёсках людзі
Маркотну гутарку вялі
Аб крыўдах тых, што ім на грудзі
Праз пана каменем ляглі.
О, як адзін хто праз другога
Цярпіць, то йшчэ тут паўбяды,
Але не скрыці ад нікога
Нам крыўды цэлай грамады!
Х
Праз вёску са сваёй дружынай
Баярын гэты ехаў раз,
І ля Натальчынай хаціны
Ён затрымаўся на папас.
Тут хараство яму дзявоча
Упала ў вочы, бо нідзе
Яго не бачылі йшчэ вочы
Штось прыгажэй у прастаце.
Як грозны быў, дык стаў ліслівы,
Пачаў к дзяўчыне падсядаць,
Пускаць туман і, як бы дзівы,
Ёй брэдні ўсякія складаць.
Што гаварылі, чым ёй кадзіў —
Не варта паўтараці тут,
Але з тых пор, як па загадзе,
Ён спадабаў вясковы кут.
Тады-сяды стаў заглядаці
Ўсё да Натальчыных акон,
Хоць і глядзелі бацька, маці
На гэта коса з першых дзён.
Пасля к сабе яе стаў клікаць.
Яна ішла за ім, як цень,
Аж пачала ўся вёска тыкаць
На дзеўку пальцамі штодзень.
ХІ
Людская хітрасць даніманнем
Патрапіць шмат зла натварыць,
Калі прыкінецца святляным
Святлом, што праўдаю гарыць.
Душу вам лёстачкамі выйме
І павядзе на павадку
Яе пуцінамі крывымі,
І ўжо не ўскрэснуць бедаку.
З Наталькай выйшла гэтаксама,
Сама к бядзе пайшла сваей,
Звязаўшы дружбай сябе з ямай,
Не дбала свету і людзей.
Забыла ўсе Машэкі ласкі,
Каханне шчырае яго,—
Пад чарам ворагавай казкі
Зраклася мілага свайго.
Не прачувала горкай долі,
Якую лёс людзям нашле;
Раз, як пайшла у двор, дык болей
Яе не ўбачылі ў сяле.
Сваю так сетку распускае
На мух услужлівы павук,
Пакуль не ўваліцца якая
І ўсіх не выведае мук.
ХІІ
Мінула восень, а за ёю
Прыйшла з марозамі зіма.
Машэка жыў з сваёй сям’ёю,—
Не жыў, а блукаўся, як цьма.
Як бы не чуў дакучных кпінак,
Адданы гору і жальбе;
Ўжо ведаў, дзе найшла прыпынак
Яго Наталька для сябе.
Падчас бліжэй к двару падходзіў,
Страшэнна кляў і выгражаў
І страх на стражу ўсю наводзіў,
Якую пан сабе дзяржаў.
Але не меў Машэка сілы
Такой, што сцены б разваліў
Туды, дзе вораг з яго мілай
Пасцель пуховую дзяліў.
Не мог на мак яму змяць косці,
Пракляцце толькі прызываў,
Ад сцен адходзіў з большай злосцю
І штосьці жудкае кнаваў.
З дня ў дзень хмурней ён станавіўся,
Расла ў ім помста, як змяя,—
І сам, як гадзіна, ў ёй віўся,
Ў жыцці не бачачы пуцця.
XIII
Што ёсць на свеце горш ад помсты,
Што знойдзеш ад яе страшней,
Каго не згоніць з сцежкі простай,
Не ўкіне ў цьму, за ноч цямней?
Душу і думы атумане,
Ачэпіць зводным павуццём,
І распасцяжыць уладанне
Над целам, над усім жыццём.
Засела так яна ў Машэкі,
І суладаць з ёю не мог,
Крыві б пусціў, здаецца, рэкі,
І ў іх бы з крыўдай сваей лёг.
Крывёй ці віннай, ці нявіннай
Насмерць упіўся бы з душой,
Другіх губіў бы і сам гінуў,
Абы цярпеў чужы і свой.
У муках страшных дачакаўся
Машэка першых дзён вясны
І з вёскай роднай папрашчаўся,
Уцёк з радзімай стараны.
У пушчу ўцёк, у ёй асеўся,
Змяніўся ўвесь, як ваўкалак,
У скуру воўчую адзеўся
І стаў на жыр выходзіць так.
XIV
Так страшным стала яго імя
На ўсю аколіцу з тых дат
Паміж сваімі і чужымі,
Як страшны імем сваім кат.
З сваёй бярлогі на дарогу
Вылазіў грозны, з булавой,
Як пошасць, сеяў скрозь трывогу,
Загоны росячы крывёй.
Спачатку дань жыццём плацілі
Яму адны багатыры,
Пасля знаходзілі ў магіле
Спачын і вёсак жыхары.
Не памагалі мольбы, чары,—
Крывавы суд тварыў, караў;
Абезгалоўлены ахвяры
З сабою ў пушчы забіраў.
Дарма шукаюць яго схову
Бацькі забітых і сыны,
Адно збірае больш галоваў
Ён з непамернай той вайны.
Штодзень расце Машэка ў славу,
Расце з крывавага жніва,
Бароніць пушча яго справу,
А гімн пяе яму сава.
XV
Ці доўга йшчэ бы гаспадарыў
Ён гаспадаркаю такой,
Крывёй палошчучы папары,
Крывёй гарачаю людской,
Каб не сустрэў сярод дарогі
Адно здарэнне, як той вір,
Калі раз, выбрыўшы з бярлогі,
Йшоў з булавой сваёй на жыр.
Ішоў і ўбачыў, як карэта
Напроць кацілася якраз;
Машэка рады знайдзе гэтай
І не марнуе дарма час.
Мінута. Ўжо стрымаў ён коні,
Як сноп, зваліўся ўжо фурман,
Ўжо булавой у дзверцы звоне,
З карэты скочыў к яму пан.
Але не ўспеў і азірнуцца,
Як на зямлі няжыў ляжыць;
Машэка доўбняй замахнуцца
Яшчэ на некага спяшыць...
І дзіва дзіў: рука самлела,
Слязамі вочы залілісь...
Наталька тут яго сядзела
І так глядзела, як калісь!
XVI
Як чалавек ні азвярэе
З якіх там колечы прычын,—
Надойдзе час і азарэе
Яго душа хоць міг адзін.
Чуццё прабудзіцца людское,
Дабро у сэрцы ажыве,
І зацвітуць красой святою
Дзіцячы думкі ў галаве.
Чуць толькі ўгледзеў у калясцы
Машэка любую сваю,—
Ў яе ўтануў даўнейшай ласцы,
Ёй пакарыўся без баю.
Бы тую пёрынку птушыну,
Ў сваю бярлогу яе нёс,
З лісточкаў мяккую пярыну
Ёй слаў, і сам у радасць рос.
Быў рад сваёй так доўгай згубе,
Ў нагах з пакораю сядаў,
Як здаўна, песціў і галубіў,
І словы чулыя складаў.
А толькі бедную Натальку
Жыццё з ім цешыць не магло,
Як тую грэшную русалку —
Жывыя людзі і святло.
XVIІ
Спазнаўшы панскія раскошы,
Дзіцё сяла і грамады,
Не мела сіл змагчы ў пустошы
І адзіноцтва, і жуды.
Хоць на Машэку спазірала
Прыхільным поглядам падчас,
А ўсё у думках штось кнавала,
Агонь благі ў вачах не гас.
У думках думала няўпынна,
Як ёй разбойніка згубіць,
Якога не магла нявінна
Ўжо так, як некалі, любіць.
Раз, калі спаў Машэка з ёю,
Зрабіць надумала сваё —
За кроў пралітую крывёю
Яму яго забраць жыццё.
Паціху ўстала, нож агромны
Ўзяла ў яго з-пад галавы
І утапіла ў шыі соннай,
Ды той застаўся йшчэ жывы.
Яна другі раз замахнула
І трэці раз перавяла,—
Яго і жылка не дрыгнула,—
Душа ад цела адышла.
XVIII
Так страшны той разбойнік згінуў,
Што ўмеў любіць і забіваць;
На грэх пусціўся праз дзяўчыну
І мусіў праз яе сканаць.
Яна, сваё зрабіўшы дзела,
Ўжо страхам гнаная нямым,
У вёску родную ляцела
І расказала аб усім.
Прынесла добрыя ўсім весці,
Што ўжо разбойніка няма;
Яе віталі добрай чэсцю,
З усімі цешылась сама.
Вяла з сабой сяло народу,
Дзе спаў Машэка вечным сном,
Куды йшчэ ўчора усе ходы
Былі закрытыя людзём.
Сышлася вёска над Машэкай
Нядаўну бачыці гразу,
І не было там чалавека,
Каб хоць адну пусціў слязу.
Йшлі ад яго к гары вялікай,
Ахвяры дзе яго ляглі,—
Касцей знаходзілі без ліку,
Галоў без ліку там знайшлі.
ХІХ
Капалі ў пушчы дол глыбокі,
Дно высцілалі у кару,
І насып сыпалі высокі —
Машэку насып, як цару.
А на гары той недалёкай
Хавалі косці у зямлі
Ахвяр, што ад рукі нялёгкай
Без часу на той свет сышлі.
За днямі дні пабеглі шпарка,
Ў няпамяць шоў за годам год,
Мянялась свету гаспадарка,
Жыццё-быццё змяняў народ.
Той насып, дзе ляжаў Машэка,
У мох і дзерава аброс;
Пякла улетку яго спека,
Зімой трашчаў над ім мароз.
Машэкі імем сталі маткі
Пужаць, калышучы, дзяцей,
А кумкі, збегшысь на папрадкі,
Аб ім шаптаць адна аднэй.
Яго высокую магілу —
Дзе лес ды вецер панаваў —
Знаць, што вялікую меў сілу,
«Магілай Льва» народ назваў.
ХХ
Над ёю з часам дрэвы палі,
І горад вырас, як з зямлі,
Яго Магілевам назвалі,
Бо йнакш прыдумаць не маглі.
Там, дзе пушчар быў і балота,—
Муры глядзяцца у раку,
Зіяюць вежы пазалотай,
Жыццё кіпіць, як у гаршку.
Пры самым месцы, дзе хаваці
Людцы нябожчыкаў нясуць,
Гару з магілкамі відаці —
Яе Машэкавай завуць.
І ціха, ціха на гары тэй
Чарнеюць пліты і крыжы,
То летнім сонейкам сагрэты,
То ззябшы ўзімку, ў маразы.
Падчас вясной заблудзіць птушка,
Зазвоніць песенькай сваей,
Павесялее спяча душка
Ды ўзноў засне яшчэ мацней.
А пад гарой Дняпровы хвалі
З вясны да восені шумяць
І штось гавораць цёмнай далі,
А што? — нам, грэшным, не паняць!
1913
Тэкст паводле: "Беларуская палічка"
Душэўны мсцівец
(характарыстыка галоўнага героя паэмы)
Машэка – чалавек-асілак. Ён ужо ў дзіцячым узросце мог паднімаць бервяно замест трох сталых мужчын (“Асілкам гэтакім ад роду Машэка быў ў сваёй радні, - дзіцём нясці ўжо мог калоду, якой трох сталых – не маглі.”) Канешне, фізічная сіла ды моц ня ёсць галоўнымі характарыстыкамі чалавека. Як піша Купала, Машэка напачатку свайго жыцця вызначаўся выключнай дабрынёй, “нікому крыўды не рабіў”, “натуру меў ён залатую”. Аўтар задаецца пытаннем, як магло стацца, што такі рахманы чалавек праз некаторы час ператварыўся ў такога жорсткага, лютага разбойніка, праліў проста рэкі людской нявіннай крыві? Купала з адсылкай на легенду пра Машэку сцвярджае, што прычынай такіх трагічных зменаў у жыцці галоўнага героя стала дзяўчына, яго каханая Наталька. Якая здрадзіла яму напярэдадні вяселля ды ўцякла сужыцельстваваць з “грашовым мяшком”, “Баярынам”. Так то яно так… Але. Ёсць некалькі але. Пра якія давайце паразважаем.
Відавочна, што наш герой, Машэка, зрабіў у сваім жыцці адзін з сваіх галоўных выбараў, выбар жонкі, памылкова. Чаму гэтае адбылося? –
- Машэка, як ведаем ужо, меў ад нараджэння такі дар, як выключную фізічную сілу. Ён ёй ганарыўся. Ён гэтай сілай хваліўся. Паглядзіце, як ён замест трох сталых мужчын бярэ ды паднімае калоду… Паглядзіце, як ён бярэ сваю сяброўку, Натальку, яшчэ зусім дзяўчынку, і нясе як пярынку… Хоць гэта вельмі часта было не да спадобы ёй! (“Як толькі ён яе дагоніць, як пёрка носіць на руках, смяецца, весела гамоніць, хоць там дзяўчыну мучыць страх.”) Ну, пагjдзімся, што калі ад гэтых нашэнняў “дзяўчынку мучыў страх”, то, ведаеце, гэта трошкі ня тое, што трэба для ўзаемнага даверу…
- Машэка, пэўна, лічыў фізічную моц падмуркам любых адносін паміж людзьмі. І… Прапусціў некалькі вельмі важных чыннікаў характару любога чалавека. У дадзеным выпадку, у Наталькі ён не заўважыў, як мы адзначалі недзе, любоў да грошай , да дабрабыту. Зразумейце правільна: я не супраць дабрабыту ды грошай. Але калі яны на першым месцы ў любові двух, то гэта ўжо ёсць праблемай, з якой як на дражджах, будуць вырастаць іншыя праблемы…
- Мне здаецца, што ў значнай ступені вось гэтай фізічнай сілай сваёй Машэка і ўзяў, ці лепей сказаць, “заняў” на нейкі час сваю каханую. Адціснуўшы фізічна ўсіх магчымых прэтэндэнтаў на Натальку са сваёй вёскі (“Прыхільна хлопцы аглядалі яе павабны гібкі стан, дый толькі сціха уздыхалі…адзін Машэка быў тут пан.”) Але вось менавіта “заняў” на нейкі час. Як толькі з’явіўся прэтэндэнт, для якога фізічная сіла Машэкі не была непераадольнай, то “падмурак” любоўных адносін Машэкі з Наталькай раскалоўся і разваліўся.
- Машэка ня быў гатовы да таго, што існуе ў свеце сіла, больш моцная за фізічную. Што ёсць большая моц за фізічную. Гэта і той жа дабрабыт. Але яшчэ мацнейшай ёсць моц маральная ці духоўная!.. Чаму атрымаў такую паразу ў жыцці Машэка? –
- Машэка атрымаў таксама катастрафічную паразу ў сваім жыцці, як і астатнія героі паэмы (і “Баярын”, і Наталька) таму, што, як і яны, не меў маральнай сілы ў сабе. Чаму гэтае адбылося? –
- Янка Купала пад канец паэмы напісаў такія геніяльныя радкі:
“А пад гарой Дняпровы хвалі
З вясны да восені шумяць
І штось гавораць цёмнай далі,
А што? – нам, грэшным, не паняць!”
Так, нам, грэшным людзям, ніколі “не паняць”, як, якім чынам пражыць сваё жыццё дастойна, годна, каб не патрапіць вось у такія “жорны”, у якія патрапілі нашыя героі ды ўцягнулі ў іх яшчэ мноства астатніх… Як не здацца ў змаганні з такімі праявамі грахоўнымі, як зайздрасць, гнеў, помста… Менавіта, як піша Купала, перад “пачуццём помсты” капітуляваў герой-асілак.
…Машэка кахаў. Моцна. Шчыра. А любові да астатніх, акрамя Наталькі, у яго не знайшлося… Чаму? –
- Грэшныя людзі ня ёсць крыніцай любові, яны ня могуць самі па сабе яе тварыць…
- Любоў ідзе ад Госпада:
“Бо так палюбіў Бог свет, што даў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто паверыць у Яго, не загінуў, а меў жыццё вечнае!”
Высновы:
Чалавек “душэўны”, які не мае ў сабе Духа Святога, што пасяляецца Богам у сэрцы чалавека згодна ягонай веры ў Ісуса Хрыста, не ў стане супрацьстаяць граху ў сваім жыцці.
05.07.2020 Мікалай Кійка
Дзяўчына - “Прычына”
(Характарыстыка Наталькі па паэме Я.Купалы “Магіла льва”)
Наталька - вясковая дзяўчына. Мела мноства талентаў ад нараджэння. Яна была найпрыгажэйшая за ўсіх дзяўчат у вёсцы. Была першай у скоках. Мела вельмі добры голас. Цудоўна спявала (“З грудзей гарачых звонкі голас змяняла ў песню – як званок.”) На яе заглядаліся ўсе хлопцы. Але з самага дзяцінства яна мела сяброўства з сваім аднагодкам, хлопцам, які меў імя Машэка. Сяброўства гэтае, як падраслі яны, неўзаметку перарасло ў каханне. Актыўная роля ў гэтым каханні належала Натальцы. Нягледзячы на тое, што Машэка з самога дзяцінства меў выключную фізічную моц ды сілу, быў падначалены Натальцы праз яе хараство (“Машэка гэтакі асілак, што рваў дзярэўе з каранём, у руках яе стаў як апілак: яго забрала хараством.”) Яна разам са сваім каханым рыхтавалася да вяселля. Прыдавала вялікае значэнне матэрыяльнаму дабрабыту свайго абранніка. І калі таму падыйшла чарга гнаць плыты па Дняпру на Украіну, то яна адправіла яго, каб той зарабіў грошай (“Машэку йкраз чарга папала. Спачатку слухаць не хацеў; быць можа, на яго бы стала, бо не на жарты сілу меў, але Наталька ўгаварыла: “Едзь! Штось заробіш к жаніцьбе”. Ну, як тут не паслухаць мілай!”) Як бачым, любоў Наталкі да дабрабыту выявілася ў самым пачатку яе любоўных адносін з Машэкам. І гэтая яе любоў да грошай, верагодна, згуляла не апошнюю ролю ў іх далейшым жыццёвым раскладзе. Ад’езд Машэкі на некалькі месяцаў стаўся для Наталькі першым сур’ёзным і, мабыць, вырашальным ва ўсім і яе, і ягоным жыццёвым лёсе, выпрабаваннем… І не толькі ў іх лёсах!
…Выпрабаваннем, якое Наталька, на жаль, не вытрымала. Праз некаторы час пасля ад’езду Машэкі адбываецца першая сустрэча Наталькі з “баярынам”. Дзяўчына атрымлівае з боку багатыра, ці па-сёняшняму, “алігарха”, цэлы шквал заляцанняў. Ці магла яна з годнасцю вытрымаць націск гэтага амаральнага тыпа? Тым болей, як памятаем, бацькі яе былі супраць гэтай сувязі (“Тады-сяды стаў заглядаці ўсё да Натальчыных акон, хоць і глядзелі бацька, маці на гэта коса з першых дзён.”) Відавочна, магла. Але, мабыць, вось гэтая любоў яе да дабрабыту большая, чым уласна да чалавека, мела пры прыняцці ёю рашэння ісці сужыцельстваваць да “баярына” вырашальнае значэнне. Такім чынам, здрада адбылася…
…Адбылася здрада, якая пацягнула за сабою цэлы шлейф, цэлы ланцуг ліха ды зла… Можна зараз спрачацца, хто з двух, “баярын” ці Наталька, болей вінаватыя ў гэтых горках трупаў, чарапоў, касцей, якія “намалаціў” з людзей Машэка пасля таго, як яго “кінула” Наталька. Мы прамовілі неяк перад гэтым такую характэрную рысу “баярына”: “Распусны, амаральны тып…”. А дазвольце запытаць: “ А Наталька? Куды яе, у якую табліцу яе ўпісаць? Яна – маральная?” Яна, Наталька, застаецца адна з усіх галоўных герояў гэтай паэмы ў выніку ўсіх гэтых жудасных падзей жывая…
… Жывая? Наталька – жывая? У мяне вялікія сумненні наконт гэтага. А ў вас? Адзінае выйсце для яе, каб пазбегнуць Смерці, гэта зразумець, што яна натварыла сваім жыццём… А як гэта яна можа зразумець? –
- Вялікі Купала кажа напрыканцы сваёй паэмы:
“А пад гарой Дняпровы хвалі
З вясны да восені шумяць
І штось гавораць цёмнай далі,
А што? – нам, грэшным, не паняць!”
Атрымліваецца, што “грэшны” чалавек ня можа паняць, у прынцыпе ня можа зразумець, як будаваць сваё жыццё, каб не патрапіць вось у гэтыя д’яблавыя жорны, у гэтую павучыную сетку страху, жудасці, Смерці!
Выйсце адно: “Выбрацца з гэтых жорнаў граху праз давер свайго жыцця Хрысту!”
05.07.2020 Мікалай Кійка
Сярэдневечны “алігатар”
(Характарыстыка “баярына” па паэме Я.Купалы “Магілы льва”)
Аўтар паэмы, Янка Купала, характарызуе “баярына” як чалавека багатага, маладога (“яшчэ лятамі малады”). Мы нічога пэўнага не можам сцвярджаць пра разумовыя здольнасці ды таленты гэтага чалавека. Бо аўтар нідзе не паведамляе нам наконт паходжання ягонага вялікага багацця. Ці ён сабраў яго дзякуючы сваім талентам ды здольнасцям да кіравання, ці ён па-просту атрымаў іх у спадчыну?.. Хутчэй за ўсё другі варыянт паходжання гэтых ягоных багаццяў. Бо ці наўрад ён мог бы іх стварыць за такі малы перыяд жыцця (“Яшчэ лятамі малады”).
Баярын лічыў сябе вышэй за ўсіх жыхароў краіны, у якой ён жыў. Мала гэтага, ён быў “свавольным” (“да сваявольства быў заўзяты”). Над народам “тварыў “ свой закон і суд”. Аўтар даводзіць, што гэта вылівалася ў шматлікія крыўды для народу, То бок, мы можам смела характарызаваць “баярына” як парушальніка заканадаўства ды як чалавека, які зрабіў шмат ліха людзям. “Баярын” – чалавек, які тварыў ліха, зло.
Адным з такіх відаў гэтага ліха была распуста ягоная. Ці па-сёняшняму кажучы – “неабмежаваны аніякімі нормамі сэкс”. З тэксту твора мы даведваемся, што ён па-просту падмануў даверлівую дзяўчыну (“…пачаў к дзяўчыне падсядаць, пускаць туман і, як бы дзівы, ёй брэдні розныя складаць.”) Можна ўпэўнена характарызаваць яго як “амаральны, тып, неадказны чалавек”. Бо, выкарыстоўваючы сваю ўладу, ён “даніманнем” схіліў дзяўчыну да пералюбу, да здрады свайму жаніху, фактычна пачаў з ёй сужыцельства без шлюбу. Гэта значыць без пэўных абавязкаў і адказнасці за адносіны і іх вынікі. А што гэта так і было, то можна сцвярджаць пэўна. Бо нідзе ніякіх паведамленняў пра афармленне іх шлюбу ў творы мы не знаходзім. Болей таго, і страшней за ўсё, што гэта было яшчэ далёка не ўсё зло, якое натварыў сваімі дзеяннямі ў адносінах да Наталькі гэты аматар “па-свойму час губляць з нуды”…
… “Баярына” не спыніла, і не магла спыніць злачынная, бандыцкая дзейнасць Машэкі ў адказ на забранне ад яго нявесты. Бо ён, “баярын”, не прывык, відавочна, прызнаваць памылковасць шматлікіх сваіх ліхіх дзеянняў. Тым болей, што ён лічыў: “Я багаты, мне ўсё можна, ніхто мяне не пакарае, ніхто мне не ўказ. Улада – гэта я! Буду карыстацца Наталькай, пакуль яна мне не надакучыць…”
Але помста Машэкі дастала ня толькі мноства нявінных у гэтым здарэнні людзей, як багатых, так і не вельмі… Дайшла чарга і да “баярына”. Беспакаранасць ягоная і самаўпэўненасць ягоная згуляла з ім вельмі жахлівую для яго гульню. На першы погляд ён выпадкова папаўся ў рукі пакрыўджанага ім Машэкі на глухім шляху сярод пушчанскіх лясоў… Але нічога выпадковага ў жыцці не бывае…
… Бо як кажа Божае слова:
“Што пасее чалавек, тое і пажне!”
Але ён, “баярын” не прыдаваў гэтаму Божаму Закону сур’ёзнага значэння ў сваім жыцці. Адкуль мы гэта ведаем? –
- Янка Купала гэтак завяршае свой геніяльны твор:
“А пад гарой Дняпровы хвалі
З вясны да восені шумяць
І штось гавораць цёмнай далі,
А што? – нам, грэшным, не паняць!”
Дык вось, “баярын”, як і ўсе грэшнікі, што не даверылі сваё жыццё Хрысту, атрымаў за свае грахі належную зарплату – Смерць!
05.07.2020 Мікалай Кійка
Якуб Колас
«О, край родны, край прыгожы!..»
З паэмы "Сымон-музыка"
"О, край родны, край прыгожы!
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей у свеце Божым
Гэтых светлых берагоў,
Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,
Дзе бары-лясы гудуць,
Дзе мядамі пахнуць грэчкі,
Нівы гутаркі вядуць;
Гэтых гмахаў безгранічных
Балатоў тваіх, азёр,
Дзе пад гоман хваль крынічных
Думкі думае прастор;
Дзе увосень плачуць лозы,
Дзе вясной лугі цвітуць,
Дзе шляхом старым бярозы
Адзначаюць гожа пуць?.."
Тэкст паводле: "Беларуская палічка"
Аркадзь Куляшоў
Маці
Народная балада
На бітву крывавую сына праводзіўшы з хаты,
На шчасце і ўдачу пасеяла маці зярняты.
Калі дачакаецца маці з тых зерняў усходу,
Сын прыйдзе з паходу,
Са славаю прыйдзе з паходу.
Дарэмна ўздыхала,
Чакала
І шчасця, і долі, -
Упалі зярняты
На камень шчарбаты
У полі.
Дарэмна здалёку
Паўнюткія вёдры цягала,
Той камень у спёку
Вадой і слязьмі палівала.
Да кроплі іх выпіў задымлены
Камень пякельны:
Два леты кіпелі на ім яны,
Як на патэльні.
Ля каменя ўпала
Цярплівая маці ў знямозе,
У роспачы скардзіцца стала
Знаёмай дарозе:
«Пачуй мае словы,
Улашчы свой камень суровы,
За гэта вярбою
Гатова я стаць над табою.
Твайго пешахода
Я ў засень ад спёкі б хавала,
У час непагоды
Ад бур і дажджоў засланяла;
Старымі рукамі
Твой дол падмятала б штодня я.
Улашчы свой камень,
Дарога мая палявая».
Сказала дарога ёй:
«Скардзішся, маці,
Дарма ты,
Не ўзыдуць зярняты,
Бо ўпалі на камень шчарбаты.
Не першая ты
Каля камня заходзішся з жалю,
Не раз на ім сеялі, але ні разу не жалі.
На нашыя нівы
Яго закацілі чужынцы;
Чужы і маўклівы,
Даўно ён ляжыць пры гасцінцы.
З-за Буга яго
Закацілі і кінулі ў полі,
Каб сына свайго
Не даждалася маці ніколі.
Не ўзыдуць зярняты
Ні ўвосень на ім, ні вясною,
Пакуль ён не стане зямлёю,
Закляты табою».
З дарогі ўставала
І каменю маці казала:
«Вады табе мала
І матчыных слёз табе мала,
Цяпер я крывёю
Сваёю
Цябе праклінаю:
Ты станеш зямлёю,
А каменем стану сама я».
І тройчы такою
Кляцьбою
Той камень пракляла.
Стаў камень зямлёю,
Сама ж яна каменем стала.
На камні былым пры дарозе
Ўзыходзяць зярняты.
Вяртаецца сын па дарозе
З паходу дахаты.
1943"
Тэкст - "Беларуская палічка"
Трэба дома бываць часцей
Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою не ачарсцвець,
Каб не страціць святое штосьці.
Не забыць, як падвялы аер
На памытай падлозе пахне,
Як у студню цыбаты асвер*
Запускае руку да пахі.
Не забыць сцежкі той, што цябе
На дарогу выводзіла з дому,
Што у хаце там быў рубель
У цане і па курсу старому.
Не забыць, як марозам злым
Клямка пальцы пячэ балюча
І адкуль на стале тваім
Бохан свежага хлеба пахучы.
Помніць свой на іржышчы цень,
Не забыць, як завуць суседа,
Не забыць, як пяе пад дзень
За вясёлым сталом бяседа.
Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою ты стаў чысцей
І не страціў святое штосьці.
* Асвер - журавель калодзежа.
Тэкст - "Беларуская палічка"
Ігар Лучанок - Рыгор Барадулін: "Трэба дома бываць часцей"
Трыялет
Лёгкія сняжынкі у цішы
Долу апускаюцца нясмела...
Светла ў полі, светла на душы...
Лёгкія сняжынкі у цішы...
Спіць сасна ў бахматым шалашы,
А навокал так бялютка-бела...
Лёгкія сняжынкі у цішы
Долу апускаюцца нясмела.
Тэкст: "Беларуская палічка"
Анатоль Грачанікаў
«Свяці, кахання чыстая зара!..»
Свяці, кахання чыстая зара!
Свяці - пачуццяў сэрцаў не азмрочвай -
Над доляй плугара і песняра
І над высокай доляю жаночай.
Усіх людзей пара табе, пара,
З'яднаць чароўнай сілаю прарочай.
Бо, сапраўды, на свеце без кахання
Жыцця няма - ёсць толькі існаванне.
Тэкст - "Беларуская палічка"
Пятрусь Броўка:
Пахне чабор...
Хіба на вечар той можна забыцца?
...Сонца за борам жар-птушкай садзіцца,
Штосьці спявае пяшчотнае бор,
Пахне чабор,
Пахне чабор...
Лёгкія крокі на вузкай сцяжынцы.
Дзеўчына ў белай іскрыстай хусцінцы,
Быццам абсыпана промнямі зор.
Пахне чабор,
Пахне чабор...
Выйсці б насустрач, стаць і прызнацца.
Вось яно - блізкае, яснае шчасце,
Клікнуць хацелася - голас замёр.
Пахне чабор,
Пахне чабор...
Год адзінаццаць, а можа, дванаццаць
Сэрца баліць, што не здолеў спаткацца.
Сэрца нязменна хвалюе дакор.
Пахне чабор,
Пахне чабор...
Час той схаваўся за дальняй гарою,
Здасца хвілінай - яна прада мною...
Выйду. Гукаю. Маўклівы прастор.
Пахне чабор,
Пахне чабор...
1957
Аркадзь Куляшоў:
"Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая.
Чаму так горка, не магу я зразумець.
Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае
На ўсходзе дня майго, якому ружавець.
Ці помніш першае нясмелае прызнанне?..
Над намі жаўранкам звінеў і плакаў май.
Назаўтра золкае, туманнае світанне,
Суровы позірк твой і мой нямы адчай.
Пайшла ты, любая, пад гоман жоўтых сосен,
Пайшла, маўклівая, пад хваль жытнёвых шум,
Туды, дзе гойдала зялёнае калоссе
На сцежках ростані мой адзінокі сум.
Пайшла за ціхія, далёкія прасторы
Світальнай зоркай ты, што гасне ў сіняве.
Душы пакрыўджанай гарачыя дакоры
Слязой халоднаю застылі на траве.
Пайшла, пакінуўшы мне золкі і туманны,
Палынны жаль смугой ахутаных дарог,
Каб я хвілінны боль і горыч гэтай раны
Гадамі ў сэрцы заглушыць сваім не мог.
Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.
Бывай, смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесся
Самотным жаўранкам звініць і плача май.
Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая.
Твой светлы вобраз панясу я па жыцці.
На ўсходзе дня майго заранка дагарае,
Каб позна вечарам на захадзе ўзысці.
1928"
Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.
Аб ёй мне баюць казкі-сны
Вясеньнія праталіны,
І лесу шэлест верасны,
І ў полі дуб апалены.
Аб ёй мне будзіць успамін
На ліпе бусел клёкатам
І той стары амшалы тын,
Што лёг ля вёсак покатам;
І тое нуднае ягнят
Бляяньне-зоў на пасьбішчы,
І крык вароніных грамад
На могілкавым кладзьбішчы.
І ў белы дзень, і ў чорну ноч
Я ўсьцяж раблю агледзіны.
Ці гэты скарб ня збрыў дзе проч,
Ці трутнем ён ня зьедзены.
Нашу яго ў жывой душы,
Як вечны сьветыч-полымя,
Што сярод цемры і глушы
Мне сьвеціць між вандоламі.
Жыве зь ім дум маіх сям'я
І сьніць зь ім сны нязводныя...
Завецца-ж спадчына мая
Ўсяго СТАРОНКАЙ РОДНАЮ.
19/09-18г.
Тэкст пададзены паводле:
Літаратурна-мастацкае выданне ЯНКА КУПАЛА СПАДЧЫНА Вершы Рэпрынтнае выданне Падрыхтавана па экземпляры, які захоўваўся ў Барыса Сачанкі. Мінск. "Мастацкая літаратура" 1992г.
Максім Багдановіч. Санет
"Замёрзла ноччу шпаркая крыніца;
Твая пара, зімовая нуда!
Цяпер няма ўжо руху ні сляда,
І нават зверху слоем снег лажыцца.
Ды ўсё дармо, бо там, пад ім, струіцца
Магутная, жывучая вада.
Чакай! Яе йшчэ прыйдзе чарада!
Здалее хваляў хор на вольны свет прабіцца.
Прыклаў я гэты сімвал да сябе,
Схіліўшыся ў надсільнай барацьбе,
І разгадаў прыроды роднай словы.
Як - прамаўчу, бо кожны з вас - паэт.
Рассейце ж самі лёгкі змрок прамовы,
Сваёй душы туды праліце свет!
1912"
Максім Багдановіч:
Слуцкія ткачыхі.
(Рэдакцыя зборніка “Вянок”)
"Ад родных ніў, ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.
І цягам доўгія часіны,
Дзявочыя забыўшы сны,
Свае шырокія тканіны
На лад персідскі ткуць яны.
А за сцяной смяецца поле,
Зіяе неба з-за акна, -
І думкі мкнуцца мімаволі
Туды, дзе расцвіла вясна;
Дзе блішча збожжа ў яснай далі,
Сінеюць міла васількі,
Халодным срэбрам ззяюць хвалі
Між гор ліючайся ракі;
Цямнее край зубчаты бора…
І тчэ, забыўшыся, рука,
Заміж персідскага узора,
Цвяток радзімы васілька.
1912”
Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня
Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа,
Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,
Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць
суровыя вежы
І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.
Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца,
Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель…
Там, дзе сэрца маё з першым крокам,
як молат, заб’ецца,
Калі б нават сляпым і глухім я прыйшоў да цябе.
Што сляпым? Нават мёртвым успомню высокія зоры,
Над ракою чырвонай і цьмянай палёт кажаноў,
Белы ветразь на сініх, на гордых, як мора, азёрах,
І бары-акіяны, і неба – разлівы ільноў.
Дзе мой край?
Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі,
Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме,
Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,
А мужчыны, як скалы, - ударыш, і зломіцца меч.
Дзе мой край?
Там, дзе мудрыя продкі у хвоях паснулі,
Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,
А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі,
Як жніўё з павуціннем і добрае сонца ўгары.
Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,
Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.
Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,
Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.
Ты – наш край.
Ты – чырвоная груша над дзедаўскім домам,
Лістападаўскіх знічак густых фасфарычная раць,
Ты – наш сцяг, што нікому, нікому на свеце, нікому
Не дамо абсмяяць, апаганіць,
забыць ці мячом зваяваць.
Мы коянёмся табе баразной сваёй першай на полі
І апошняй раллёй, на якую ўпадзём у журбе.
Мы клянёмся табе, што ніколі,
Ніколі,
Ніколі,
Так,
Ніколі не кінем,
Не кінем,
Не кінем цябе.
1969
Анатоль Вярцінскі:
"Жыццё даецца, каб жыццё тварыць!"
"Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.
Каб светла-залатую яго ніць
віць і далей - любоўю, справай дзейнай
ды словам, што ад справы неаддзелена.
Тварыць!
Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.
Надзеяй, праўдай, мужным парываннем,
высакародным, дружным намаганнем,
што потым зоркай у вяках гарыць.
Тварыць!
Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.
Маральны самы, самы натуральны
пачатак гэты вось жыццестваральны.
Інакш - якая ад жыцця карысць?
Тварыць!
Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.
Не марнаваць, не нішчыць, не бурыць, -
Тварыць!
1982"
Тэкст паводле выдання: "Анатоль Вярцінскі. Хлопчык глядзіць... Выбраныя вершы і паэмы. Мінск. "Мастацкая літаратура" 1992"
Комментарии
Отправить комментарий