К основному контенту

С. Гордан: "Ціхія гутаркі аб малітве. Пяць праяваў сілы."




                                                                         С.Гордан                                                                                                          
                                                                               Гутарым пра малітву.
“Д’ябал нічога так не баіцца, як малітвы. Царква, што пазбавілася Хрыста, была поўная добрых спраў. Дзейнасьць павялічваецца, каб выцясьніць сузіраньне; арганізацыі памнажаюцца, каб выдаліць малітву. Душы могуць загінуць і пры добрых справах гэтак жа, як і пры нядобрых. Галоўная задача д’ябла –аддаліць хрысьціяніна ад сумоўя з Богам. Яму не страшныя праца, рэлігія і вывучэньне Бібліі, якія адбываюцца без малітвы. Ён рагоча над нашай мітусьлівай дзейнасьцю, высьмейвае нашу мудрасьць, але баіцца малітвы!”
                                                                                                                      Стэфан Чатвік.

                                              Разьдзел 1
                                     Значэньне і задачы малітвы.
1.     Малітва – вышэйшая праява сілы.

                                   Пяць праяваў сілы.

  Вялікі смутак авалодаў сэрцам Божым. Гэта здарылася таму, што (мы адважваемся гэта сказаць толькі ціхім паўшэптам) адзін са створаных Богам сьветаў стаўся блудным сынам свайго Нябеснага Бацькі. Яшчэ болей сьцішаем мы свой голас, шэпчучы: “Гэтым блудным сынам стаўся менавіта наш сьвет. І мы дзейнічалі ў згодзе са зьняважыўшым Бацьку сынам…” – ледзь ужо чутна шэпчам мы. Але пяшчотнай, глыбокай любоўю Сваёю Бог вярнуў да Сябе некаторых з нас. “І зараз, - гучным і радасным голасам абвяшчаем мы гэта, - мы, хто вярнуўся да Бога, можам вяртаць да Яго і іншых.” Гэтага Ён горача жадае. Гэта павінна быць палкім імкненьнем і нашага сэрца. З гэтаю мэтай Бог надзяліў нас асаблівай сілаю.
  Існуе толькі адна ў жыцьці крыніца сілы, якая даступная для кожнага чалавека, і толькі адна, што яе даруе – Дух Сьвяты. Ён ёсць сіла. Ён бывае ў кожнага, хто адчыняе дзьверы свайго сэрца Богу. Ён прагне пранікнуць у адчыненыя дзьверы. Ён уваходзіць у сэрца па нашай просьбе і з нашае згоды. Яго прысутнасць у душы ўносіць у яе жыцьцё.
  Але ў сэрцах шмат каго з нас Ён не займае месца кіраўніка: Ён не гаспадар, а толькі госьць. Кажучы іншымі словамі, Ён не мае свабоды дзеяньняў, зьвязаны і ня можа накіроўваць чалавека па свайму меркаваньню. У выніку гэтага мы не ўсьведамляем, ці толькі часткова ўсьведамляем Яго прысутнасьць у нашым сэрцы. Шмат жа хто ўсьведамляюць гэта яшчэ ў меньшай ступені. Дапусьціць Яго зрабіцца поўным гаспадаром нашага жыцьця, ахвяраваць усім для набыцьця Яго сяброўства, даць Яму поўную прастору у нашай душы – вось што значыць напоўніцца сілаю. Сіла йдзе ад аднаго толькі поўнасьцю кіруючага намі Духа Сьвятога.
   Праяўляецца гэтая сіла Духу Божага, што дзеіць у нашым сэрцы, пяцьцю рознымі шляхамі.
  Па-першае, у жыцьці, у тым, што мы самі сабою ўяўляем.Менавіта ў тым, якія мы самі. Калі мы дзеім па праўдзе, сіла Божая заўсёды струменіць з нашай душы, хоць мы гэтага і не ўсьведамляем. Яна накладвае асаблівы адбітак на жыцьцё чалавека, які жыве па праўдзе. Часта сэрца нашае ірвецца служыць Богу. Але шмат у якіх выпадках жыцьця мы можам прынесьці болей плёну не справамі, а ладам жыцьця нашага. Мы можам часта служыць болей прыкладам нашага жыцьця, чым лепшай сваёй працай.
  Па-другое, праз вусны нашыя – у тым, што мы кажам. Мова нашая можа быць не бліскучая, словы – не красамоўныя, простыя. Але калі яны прамоўленыя вамі з гарачым жаданьнем паслужыць Госпаду, Бог дабраславіць сказанае вамі.
  Памятаю, як аднойчы прамаўляў адзін чалавек. Ён заікаўся, саромеўся, рабіў граматычныя памылкі, але сэрца маё палымнела, калі я яго слухаў. Іншы ж чалавек казаў гладка і прыгожа, але словы яго гэтак жа лёгка зьнікалі з маёй памяці, як і прыходзілі. Кажы, як умееш, пакінь астатняе Богу. Калі мы знаходзімся ў сумоўі з Богам, полымя Яго запальваецца, гладка мы прамаўляем ці не надта.
  Трэцяе, праз нашае служэньне – у тым, што мы робім. У дзеяньнях нашых можа прысутнічаць нягегласьць, няўмеласьць. Магчыма, што робячы ўсё, што можаш, ты робіш вельмі мала; але калі ты зрабіў усё, што ад цябе залежыць, багатае жніво чакае цябе наперадзе.
   Чацьвёртае, з дапамогаю нашых грошай, калі мы іх не зьберагаем, але выкарыстоўваем дзеля славы нашага Бога.
  Пятае, пры дапамозе малітвы – сіла Духу Божага праяўляецца ў тым, што мы просім у Бога ў імя Госпада Ісуса.
    І з усіх гэтых шляхоў вышэй за ўсё – малітва. Сіла жыцьця праяўляецца толькі ў адным месцы, але праява яе характэрная. Гэтая праява падобна чыстаму, пазбаўленаму сябелюбства, ціхмянаму, але магутнаму жыцьцю, зь якога яна выцякае. Сіла, што выходзіць з вуснаў, знаходзіцца ў поўнай залежнасьці ад жыцьця, якое імі кіруе.
   Не зьвязаныя гладка, адрывістыя словы набываюць часам сілу і прыгажосьць дзякуючы жыцьцю, што за імі стаіць. Словы ж, сказаныя гладка, могуць часта страчваць сваё значэньне і быць бясьсільнымі з-за неадпаведнага ім жыцьця. Служэньне можа быць карысным і ўплываць на людзей вакол нас, але не так моцна, як усё жыцьцё.
  Грашовыя ахвяраваньні ёсьць каштоўнымі ў духоўных адносінах настолькі, наколькі ёсьць каштоўнымі для Госпада ўнутраныя памкненьні, што іх выклікаюць. Магутнасьць і бясьсільле, слабасьць – блізкія суседзі.
  Але сіла, якая ідзе з малітвы, настолькі ж вялікая, як і сіла праўдзівага жыцьця ў Богу, і яна скіраваная да задавальненьня не адной якой-небудзь патрэбы, а ахоплівае шмат якія патрэбы, пра якія існуе клопат у тваім сэрцы.
  Велізарнейшая справа, дзея, якую мы можам зьдзяйсьняць для Бога і чалавека, - гэта малітва. Малітва, канешне, яшчэ ня ўсё, але яна – галоўнае ў нашым жыцьці. Яна ёсьць меркаю духоўнай сілы, якую мае чалавек. Таму што, каб маліцца па-сапраўднаму, шчырай, праўдзівай малітваю, чалавек мусіць быць шчырым і праўдзівым найперш у сваіх унутраных памкненьнях і ў сваім жыцьці. Калі ж чалавек мае шчырасьць у сэрцы і аддае малітве належнае, тады і служэньне яго, і ахвяраваньні, і словы яго будуць вышэйшым, найвялікшым сьведчаньнем аб знаходжаньні Бога ў яго душы.
  Вялікімі ёсьць людзі ў наш час, якія моляцца! Я не маю на ўвазе ні людзей, што гутараць пра малітву, ні людзей, якія цьвердзяць, што ў малітву вераць, ці ўмеюць пра малітву меркаваць ды разважаць. Я кажу пра тых, якія знаходзяць для малітвы час і моляцца. У іх час заняты. Яны вымушаныя забіраць гэты час ад чаго-небудзь іншага. Гэтае іншае мае важнае значэньне для іх. Гэтае іншае складае вялікую і неадкладную справу ў іх жыцьці, але яно ёсьць меней важным, меней неабходным, чым малітва. Ёсьць людзі, якія ставяць малітву вышэй за ўсе іншыя справы і якія гуртуюць вакол яе (на другім ужо плане) усе астатнія задачы жыцьця.
  Мы ведаем, што ёсьць на сьвеце людзі, якія аддаюць на служэньне Богу ўсе свае сілы, знаходзяць для Яго душы, садзейнічаюць абуджэньню цэркваў, знаходзячы людзей і адшукваючы сродкі для місіянерскай справы, падтрымліваючы служыцеляў Божых ў іх сьвятым служэньні сярод язычнікаў, якія жорстка іх перасьледуюць. Гэтыя людзі ўсімі сваімі сіламі рупяцца ўсталяваць спакой на зямлі.
  Уся гэтая дзейнасьць ажыцьцяўляецца імі таямніча. Мы ня ведаем, хто ёсьць гэтыя людзі, хоць, здараецца, мы даведваемся пра іхнія імёны. Часьцяком, пры выглядзе проста апранутай жанчыны, што сьцішана выходзіць з дома малітвы, мне прыходзіць у галаву такая думка: нешыкоўнае яе адзеньне, рукі яе, мабыць, ня ведалі мяккіх пальчатак; не прыцягвае яна да сябе нічыіх позіркаў; мы і не здагадваемся, і ня ведаем, што менавіта гэтая жанчына робіць для сваёй царквы, для сьвету і для Бога непараўнальна болей цэлых сотняў людзей, якія нас болей цікавяць і прыцягваюць да сябе болей увагі: таму што яна моліцца, моліцца шчырай малітваю, якая дадзена ёй кіруючым ёю Духам Божым.
  Дазволю сабе сьцьвердзіць наступнае: Бог створыць у адказ на малітву “малых” зямлі тое, чаго б Ён без гэтае малітвы не зрабіў бы. І гэта так. Я іду ў гэтых адносінах і далей – гэта абавязак мой, таму што Біблія сьведчыць аб гэтым. Слухайце: Бог у адказ на малітву слабейшага з слабых зямлі гэтае створыць тое, чаго інакш, без малітвы, Ён ня мог бы зрабіць. “Ну, пачакайце, - скажаце мне вы, - гэта вы ўжо перабольшваеце”. Услухайцеся, аднак, у слова Самога Госпада Ісуса, Які гутарыць з адзінацацьцю вучнямі Сваімі ў пакоі, дзе яны зьдзяйсьнялі Пасху, і ў садзе Гефсіманскім. Слухайце: “Не вы Мяне абралі, а Я вас абраў і паставіў вас, каб вы ішлі і прыносілі плод, і каб плод ваш быў і дзеіў, каб…” – слухайце, зь якой часткова мэтаю мы былі абраныя, - “…чаго не папросіце ад Бацькі ў імя Маё, Ён даў вам.” (Ян.15:16) У першакрыніцы апошнія словы сказаны так: “…Ён мог даць вам”. “Каб…Ён даў вам” – тут гаворка ішла б аб выкананні Богам задум Яго. “Каб Ён мог даць вам”. – слова “мог” сьведчыць аб нашым садзейнічаньні дзеля атрыманьня ад Бога адказу. Іншымі словамі, малітва нашая дае Богу магчымасьць зьдзейсьніць тое, чаго б інакш Ён зрабіць бы ня мог (“не палічыў бы патрэбным”).
  І калі вы глыбей удумаецеся ў гэта, вы пераканаецеся, што гэта стасуецца з праўдзівым уяўленьнем аб малітве. Па сваёй сутнасьці, малітва – усякая малітва – складаецца, мусіць складацца, з двух частак. Найперш, мы маем Бога, Які адорвае. “Так, - згаджаецеся вы са мною, - канешне, існуе Бог, Які валодае ўсімі багацьцямі і адорвае імі людзей”. Натуральна, таксама, аднак, мусіць існаваць і другая дзеючая асоба – чалавек, які атрымлівае. Падрыхтаванасьць чалавека атрымліваць дары Божыя ёсць шляхам, каналам паміж небам і зямлёю. Бог ніколі не прымушае сілаю, ніколі не гвалтуе волю чалавека. Усё, што Бог чалавеку і праз чалавека дае, Ён заўсёды робіць зь яго згоды. Зь любасьцю да Госпада, шчыра прызнаемся, што Бог нічога ня можа зрабіць чалавеку, які не дае Яму месца ў сваім жыцьці і не працягвае рукі для прыняцьця дароў Божых. Рука, сэрца, жыцьцё мусяць быць адчынены перад Госпадам, каб празь іх Ён мог даць чалавеку тое, што Ён прагне яму дараваць. Адкрытае, праўдзівае жыцьцё, узьнятая да нябёсаў рука даюць Богу магчымасьць мець стасункі, лучнасьць з гэтым адыйшоўшым ад Яго састарэлым сьветам. Нашая малітва дае Богу спрыяльны выпадак пранікнуць у сьвет, які Яго ад сябе адштурхоўвае...
  Пераклад на беларускую мову з расейскамоўнага выдання: "С.Гордон. Тихие беседы о молитве. Беларусь. г. Червень. 1992." - Мікалай Кійка.
           






С.Гордан. Гутарым пра малітву.

 Судакрананьне са сьветам малітваю.

  Малітва дае шырокую прастору дзейнасьці чалавека. Я гэтак жа моцна магу дзейнічаць малітваю на сэрцы людзей, што жывуць у далёкай Індыі ці Кітаі, намысьляючы іх зьвярнуцца да Бога, быццам я там быў асабіста. Я хачу гэтым сказаць, што на маю думку, служэньне Богу ў гэтых далёкіх краінах – велізарнейшая перавага для нас. Язычнікі асабліва маюць патрэбу ў духоўнай дапамозе; цемра там асабліва згусьцілася, нашае сэрца мусіць асабліва імкнуцца служыць там. Шчасьлівым ёсьць чалавек, які туды можа патрапіць: калі ён мае магчымасьць атрымаць гэткае служэньне, то можа праявіць кіруючую ім сілу Сьвятога Духа усімі пяцьцю вышэйзгаданымі шляхамі.
  Малітва, праўда, толькі адзін з гэтых шляхоў. Але для чалавека, які моліцца, роднымі ёсьць усе душы, якіх палюбіў Госпад і ён сам. Чалавек гэты можа жыць у Афрыцы, але калі яго сэрца знаходзіцца ў цесным сумоўі з Госпадам Ісусам, яно палымнее любою да ўсяго сьвету. Малітва прыводзіць нас у дзейнае судакрананьне зь ім.
  Чалавек можа зайсьці сёньня ў свой пакой, замкнуць дзьверы і паўгадзіны правесьці сапраўды ў Індыі. Вымаўляючы гэтыя словы і ўдумваючыся ў іх, я пытаю сябе: ці маю я права сьцьвярджаць такое? І я пераконваюся, што гэта так і ёсьць: чалавек сапраўды можа правесьці для Бога паўгадзіны свайго жыцьця ў Індыі, быццам ён асабіста там быў. Ці сапраўды так ёсьць? Калі гэтае праўда, тады і вам, і мне трэба прысьвячаць паболей паўгадзінаў гэтаму таямнічаму служэньню Богу. Той, хто моліцца, несумненна, можа павярнуць ключ дзьвярэй свайго пакоя і зрабіцца не некаторы час чалавекам, які безасабова прысутнічае ў Кітаі сілаю малітвы, быццам ён панёсься туды і целам. Ён там прысутнічае, канешне, безасабова. Але сіла, што зь яго выходзіць (выпраменьваецца), будзе гэтак жа дзейнічаць на людзей, за якіх ён моліцца, быццам гэты чалавек на самой справе быў сярод іх. Яго малітва можа даць новае асьвятленьне старонцы Бібліі, якую чытацьме нейкі тутэйшы Афрыкі. Ён можа натхніць ёю казань прапаведніка ці дабравесьніка Божага. Ён можа сваёй малітваю даць слухачам лепшае разуменьне гісторыі Госпада Ісуса, якую ім абвяшчаюць, а таксама прымусіць аддацца Госпаду мясцовых жыхароў, якія апанаваныя ўладаю нядобрых духаў і гінуць з пакаленьня ў пакаленьне ў дзікіх прымхах. Ён сваёю малітваю можа дапамагчы ім прыняць, дапусьціць добрую вестку ў сэрцы, парваць, калі  трэба, сваяцкія і сяброўскія сувязі і ўступіць у новае жыцьцё.
  Удумлівы чытач, магчыма, сумняваецца, у магчымасьць усяго гэтага. Вы лічыце, што калі б вы самі былі там, то вы маглі б узьдзейнічаць на прысутных вашым асабістым знаходжаньнем, вашым жывым голасам. Усё гэта так. Асабістае судакрананьне зь язычнікамі ёсьць неабходным. І няхай пашле Госпад туды шмат працаўнікоў, якія непасрэдна, асабіста будуць узьдзейнічаць на бязьлітасныя сэрцы. Але, несумненна, ёсьць праўдаю (як для тых, хто туды накіроўваецца, так і для тых, хто застаецца на радзіме з-за немагчымасьці туды патрапіць) тое, што дзе б вы не былі, вы болей дамагаецеся сваёй малітваю, чымсьці сваёй асобаю. Калі б вы былі ў Індыі, да малітвы свае вы маглі б далучыць уплыў вашае асобы. Гэта, канешне, мае істотнае значэньне. Але ці там, ці тут вы мусіце найперш быць пераможцам на кожным кроку, ва ўсіх абставінах жыцьця, на ўсім шляху, пераможцам у духоўнай барацьбе, што ўзьнікае ўнутры вас, - і толькі тады вы можаце адчувальна ўплываць вашым служэньнем на людзей. Толькі пасьля таго, як вы ўзьнесьлі малітву Богу, вы можаце зрабіць нешта большае, чым малітва. Але пакуль вы ня ўзьнесьлі Богу малітвы, вы анічога лепшага зрабіць ня зможаце, чым узьнясеньне малітвы да Бога. Менавіта ў гэтым асьпекце часьцяком мы, відавочна, рабілі памылку, а шмат хто з нас і працягвае яе рабіць. І памылка гэтая вельмі істотная. Мы мяркуем, што ў становішчы, якое мы займаем, мы ў стане дасягнуць лепшых вынікаў сваім служэньнем, чым малітваю аб дараваньні нам сілы для гэтай працы. Не, сьцьвярджаю я, шматкроць падкрэсьліваючы гэтае слова; не, гэта ня так. Мы анічога ня зможам зрабіць значнага, пакуль не навучымся лічыць малітву справай першараднаю.
  Вось, да прыкладу, перада мною чалавек. Я магу зь ім пачаць гутарку, магу паўплываць на яго сваёй асобаю, каб прыцягнуць яго да Бога. Але для таго, каб схіліць хоць на кропельку сэрца ягонае да Бога, я папярэдне павінен атрымаць перамогу над ворагам малітваю таямніча. Заступніцкая, абарончая малітва перамагае ворага. Служэньне ж пачынаецца тады, калі вораг адціснуты з поля бітвы. Духоўны тэлеграф, якім ёсьць малітва, прыводзіць чалавека ў прамое дзейнае судакрананьне з крыніцаю сілы.
  Некаторыя з нашых сяброў, якія лічаць сябе асабліва дзейнымі, практычнымі людзьмі, кажуць: “Праца – велізарнейшая справа. Маліцца – добра, маліцца трэба, але важней за ўсё дзейнічаць, рабіць карысную справу.” Па-сутнасьці ж, чалавек, які засвоіў для сябе правільны погляд на малітву і які аддае ёй належнае месца ў сваім жыцьці, адчувае ў сваім сэрцы новыя малітвы, якія стымулююць яго да дзейнасьці. Затым ён пераконваецца, што справа, якая вырастае з палаючага ў яго касьцях малітоўнага агню, з асаблівай сілаю ўплывае на чалавечае сэрца. І далей, зь вялікай радасьцю ён бачыць, нарэшце, што ён мае магчымасьць рабіць нешта карыснае, каштоўнае для ўсяго сьвету. Служэньне яго робіцца такім жа шырокім, прасторным, як неабдымная думка яго Госпада...
  Пераклад на беларускую мову з расейскамоўнага выдання: "С.Гордон. Тихие беседы о молитве. Беларусь. г. Червень. 1992." - Мікалай Кійка.




   Хадайніцтва за іншых ёсьць служэньне.

  Вельмі важна памятаць, што малітоўнае заступніцтва, малітоўная абарона – гэта служэньне, галоўнае служэньне ідучага згодна Божага плана жыцьця. Яно не падобнае на ўсе астатнія віды служэньня і мае ў параўнаньні зь імі тую перавагу, што яно не мае уласьцівых ім абмежаваньняў. Ва ўсіх іншых відах служэньня нашая дзейнасьць штораз звужаецца пэўнай прастораю, знаходзіцца ў залежнасьці ад нашай фізічнай сілы, ад нашых здольнасьцяў, матэрыяльных сродкаў, ад усемагчымых цяжкасьцяў, якія ўзьнікаюць з-за асаблівасьцяў, што ўласьцівыя той, ці іншай асобе. Малітва падобных абмежаванняў ня ведае. Прасторы для яе не існуе. Малітва чалавека, які духоўна наладжаны і кіруецца Духам Сьвятым, не патрабуе выдаткаў фізічнай сілы. З дапамогай Духоўнага тэлеграфа яна перадаецца непасрэдна ў сэрцы людзей, нябачна праходзіць за сьцены і замкнёныя дзьверы, даходзячы да глыбіні душы чалавека і закранаючы яго волю.
  Усялякае служэньне, як мы яго сабе ўяўляем, абмяжоўваецца месцам, у якім знаходзіцца цела чалавека, прастораю, далей за якую ня можна пачуць яго голас, працягласьцю часу, які чалавек можа прысьвяціць служэньню, пакуль голад, стомленасьць ці сон не адарвуць яго ад працы. Яму замінаюць сьцены, замкі, забабоны чалавечага мысьленьня і ўсемагчымыя асаблівасьці чалавечага тэмпераменту, вывучыць які неабходна найперш, чым паспрабаваць дайсьці да сэрцаў людзей.
  Вось якіх складаных і разнастайных метадаў патрабуе ад нас наш намер духоўна паўплываць на таго ці іншага чалавека! Даводзіцца прамаўляць то да мноства людзей адразу, то мець справу з канкрэтнымі асобамі. Іншым разам неабходна даць людзям дапамогу, увагу, любоў, забясьпечыць іх хоць нейкім харчаваньнем і разабрацца ў іх патрэбах. Некаторых трэба навучыць. Некаторым людзям немагчыма дапамагчы, калі не маеш грошай; іншыя зьвяртаюць увагу на самаахвярнасьць нашага служэньня. Часьцяком можна прыцягнуць душы шляхам перапіскі; яшчэ часьцей – калі даваць ім для чытаньня адпаведную літаратуру. Усе гэтыя метады і сродкі ўваходзяць у план Бога дзеля прыцягненьня да Яго праз нас людзей.
  Але самым яскравым фактам зьяўляецца тое, што сапраўдная перамога над ворагам ва ўсіх відах гэтага служэньня адбываецца таямніча, загадзя падрыхтоўваецца малітваю, - і ўсе гэтыя неабходныя для духоўнага ўзьдзеяньня на людзей метады вядуць да перамогі, якая папярэдне забясьпечана малітваю. І вось, калі пасьля малітвы ўсе гэтыя метады выкарыстаны дзеля справы, калі яны не адкінутыя, не забытыя, але калі мы імі карыстаемся, укладваючы ў іх усю душу, і карыстаемся імі ўжо пасьля атрыманай перамогі над лютым ворагам, тады ў адказ на ўсю абяцаную нам перамогу прыходзіць відавочны посьпех у нашым зьнешнім служэньні.
  Тады, вызваліўшыся ад усялякага страху, мы з новым натхненьнем крочым наперад, пакуль не пераадольваем усе перашкоды, вымушаючы ворага, які супраціўляецца, кінуцца наўцёкі. Малітва нанесла пагібельны ўдар таямнічаму ворагу нашаму. Дзякуючы гэтаму ўдару праца нашая мае посьпех – сэрцы людзей зьвяртаюцца да Бога. Духоўнае служэньне патрабуе ад нас шмат цярплівасьці, духоўнага чуваньня і пастаянства, таму што неабходна паўплываць на волю кожнага чалавека паасобку. Але спрактыкаваны стратэг забясьпечвае сабе перамогу, папярэдне таямніча падрываючы малітваю сілу ворага.
Пераклад на беларускую мову з расейскамоўнага выданьня: "С.Гордон. Тихие беседы о молитве. Беларусь. г. Червень. 1992." - Мікалай Кійка.

           














Комментарии